РО́СКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзена ў 1908 з цэглы на бутавым цокалі, неатынкавана. Уяўляе сабой квадратны ў плане асн. аб’ём, да якога далучаны 3-гранная апсіда з рызніцамі і 2-ярусная вежа-званіца (1-ы ярус — чацвярык, 2-і — 8-гранны, завершаны шатром з галоўкай). Асн. аб’ём вылучаны 8-гранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам. Над апсідай — невял. галоўка. Гал. ўваход аформлены кілепадобным франтонам на паўкалонках, 2 бакавыя ўваходы з масіўнымі слупамі і кілепадобным казырком. У інтэр’еры драўляны іканастас, дэкарыраваны паўкалонкамі, накладной разьбой.
Т.І.Чарняўская.
т. 13, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)